МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і 1/3 л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс. чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).
т. 10, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)